УЗРОСТ ПАЛЕАТЭРЫЯФАУНЫ СА СМАРГОНСКАГА МЕСЦАЗНАХОДЖАННЯ. П.Ф. Каліноўскі, Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі, Мінск; М.М. Кавалюх, Інстытут геахіміі, мінералогіі і рудаўтварэння НАН Украіны, Кіеў

На Смаргонскім месцазнаходжанні сабрана больш за 7000 костак, па якіх устаноўлена 26 відаў млекакормячых (Цапенко, Щеглова, 1972; Калиновский, 1973, 1980, 1983; Калиновский и др., 1989, 1993). Фауна тут рознаўзроставая і ўключае насельнікаў ад ранняга плейстацэну да галацэну. Абсалютная большасць фасілій належыць прадстаўнікам тэрыяфауны, якія жылі падчас эпохі фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту. Пры апісанні гэтай багатай калекцыі рэшткаў, безумоўна, не абысціся без вызначэння іх узросту. Іншы раз гэта бывае толькі канстатацыя агульна вядомых гранічных межаў, у якія хылі тыя ці іншыя млекакормячыя ў мінулым. Мамант, напрыклад, быў насельнікам з сярэдаяга плейстацэну да пачатку галацэну, а валасаты насарог – у сярэднім-познім плейстацэне. Так што атрыманне дакладнай лічбы ўзросту фасілій не толькі неабходнасць, асабліва дзе адшуканы рознаўзроставыя рэшткі фауны, але і даніна часу. Для такіх мэт у геалогіі пры вызначэнні абсалютнага ўзросту адносна маладых (да 70-60 тыс. гадоў) арганічных рэчываў найбольшае распаўсюджанне атрымаў радыевугляродны метад па ізатопу вугляроду 14С.

.