Паўночна-Прыпяцкае плячо (Гарадоцка-Хацецкая зона ступеняў) адрозніваецца ад плеч палеарыфтаў, у тым ліку і іншых раёнаў плеч Прыпяцка-Данецкага палеарыфта, наяўнасцю ў чахле дарыфтавых і сінрыфтавых адкладаў. Гэта тлумачыцца тым, што ў пачатковую і ў першай палове галоўнай фаз рыфтавай стадыі названая тэрыторыя была часткай Прыпяцкага палеарыфта і толькі з сярэдзіны ялецка-стрэшынскай фазы рыфтагенезу яна развівалася, як плячо палеарыфта. У гэты час паўночнай мяжой палеарыфта былі разломы паўночна-заходняга распасцірання, якія з’яўляліся працягам паўночнага краявога разлому Дняпроўскага грабена – спачатку Жлобінскі, а затым – Малінаўска-Глазаўскі. У сувязі з гэтым у працэсе рыфтагенезу паўночная мяжа Прыпяцкага палеарыфта пасоўвалася на поўдзень і толькі з сярэдзіны ялецка-стрэшынскай фазы ёю стаў Паўночна-Прыпяцкі разлом і палеарыфт набыў сучаснае субшыротнае распасціранне. Гэта – адзін з элементаў асіметрыі Прыпяцкага палеарыфта, які абумоўлены асіметрыяй яго глыбіннай будовы.